Сёння амаль забытым фактам мінулага, 20-га стагоддзя, стала дзейнасць у нас сваёй “Навагрудскай” чыгункі. (Слова “навагрудскай” узята ў двухкоссе, бо такой афіцыйнай назвы чыгунка не мела). Між тым, яна пакінула свой след у жыцці жыхароў Навагрудчыны, і павінна заняць належнае ёй месца на старонках гісторыі. Пабудаваная ў гады Першай сусветнай вайны, яна на працягу паўстагоддзя дапамагала насельніцтву вырашаць свае транспартныя праблемы, а прадпрыемствам і арганізацыям праводзіць гаспадарчую дзейнасць.
Гісторыю “Навагрудскай” чыгункі (што было і што магло быць) пачнём усё ж з больш ранняга часу, з сярэдзіны 19-га стагоддзя, калі праз Беларусь прайшлі першыя чыгуначныя лініі. Сярод іншых, у будаўніцтве чыгунак былі вельмі зацікаўлены і мясцовыя купцы. Пры гэтым мелі яны на ўвазе і землі Навагрудчыны. Ужо ў 1862г. пінскія купцы хадайнічалі перад мясцовымі ўладамі аб пабудове чыгункі, якая б “прыцягнула да сябе вытворчасць багатага Навагрудскага павета”. Хаця да Навагрудка чыгунка ў той час так і не была пабудавана, але на тэрыторыі Навагрудчыны яна з’явілася праз 20 гадоў, калі 1881г.у паўднёвай часцы Навагрудскага павета прайшла чыгуначная лінія Смаленск-Брэст і была пабудавана станцыя Баранавічы. Праз тры гады непадалёку ад яе на іншай лініі пабудавалі станцыю Баранавічы-Палескія. Ад гэтых станцый ўласна ўзнік і вырас горад Баранавічы. Што дала ў той час чыгунка гораду, паказвае і такі прыклад. Калі па перапісу 1897г. у Навагрудку і Баранавічах была прыкладна аднолькавая колькасць жыхароў, каля 8000 чалавек, то ў 1912г. у Баранавічах жыло ўжо каля 30 тысяч чалавек – што ў тры разы больш, чым на той час у Навагрудку, працавала большая колькасць прамысловых прадпрыемстваў і г.д. Як вынік, у дзяржаўных органах улады пачалі абмяркоўваць пытанне аб пераносе цэнтра Навагрудскага павета ў Баранавічы, або, як варыянт, аб падзеле павета на дзве самастойныя адміністрацыйныя адзінкі. Магчыма, так тады і адбылося б, але ў 1914г. пачалася Першая сусветная вайна, у час якой з’явілася чыгунка і ў Навагрудку.
Да верасня 1915г. германскія войскі занялі заходнюю частку Беларусі, пасля чаго лінія фронту стабілізавалася. У нашай мясцовасці яна праходзіла каля Любчы, Шчорсаў, Карэліч, Баранавіч, а дакладней – па рэках Нёман і Сэрвеч. На акупіраванай тэрыторыі дзейнічала 10-я нямецкая армія, а яе камандуючы, генерал Добаўадэл-Шэфер размясціўся ў Навагрудку ў былым доме Міцкевічаў. І вось, зыходзячы з ваенных патрэб, германскае камандаванне распачало ў 1916г. будаўніцтва вузкакалейнай чыгункі ад станцыі Наваельня да лініі фронту. Для правядзення работ зганялася літаральна ўсё працаздольнае насельніцтва, рэквізаваліся коні, высякаліся мясцовыя лясы. (Напрыклад, у раёне в.Басіна быў высечаны сасновы лес, які так і не аднавіўся). Чыгунка была пабудавана менш чым за год. Яе асноўная лінія ішла ад станцыі Наваельня да мястэчка Любча каля вёсак Зарой, Сяцевіна, Скрыдлева, г.Навагрудак, Сялец, Гарадзечна, Басіна, Вялікія Вераб’евічы, Ракевічы, Нянькава, Навасёлкі, Ачукевічы. Пабудавалі і дзве дадатковыя лініі ў бок ракі Сэрвеч. Адна з іх ішла з Навагрудка праз Рутку, Валковічы, Паланую да в.Агароднікі (цяпер: ускраіна Карэліч), другая лінія — ад в.Зарой каля Янавіч, Катлова да в.Волцы (цяпер: у Карэліцкім раёне). (Гл.карту).
Хаця і была пабудавана вузкакалейка для ваенных мэт, тым не менш з гэтага часу “Навагрудская» чыгунка на ўжо цэлае паўстагоддзе стала часткай гаспадарчага жыця жыцця Навагрудчыны. З устанаўленнем у пачатку 1919г. савецкай улады, Навагрудскі павятовы выканаўчы камітэт, як сказана ў яго справаздачы ад 15.04.1919г., “задался целью” аднавіць вузкакалейную чыгунку і нават давесці яе да станцыі Замір’е (цяпер: г.п.Гарадзея). Задумка, лічу, была добрая. У той час, калі яшчэ не было аўтобуснага руху, вузкакалейка давала б жыхарам Навагрудчыны прамы выхад на Мінск і далей. Аднак, гэты праект не змог ажыццявіцца, бо вясной таго ж года пачалася вайна з Польшчай, у выніку якой у 1921г. заходнебеларускія землі разам з Навагрудкам увайшлі ў склад польскай дзяржавы.
У пачатку 1920-х гадоў дзейнасць чыгункі была адноўлена. Праўда, да 1925г. былі ліквідаваны лініі, якія ішлі з Навагрудка да Карэліч і з Зароя да р.Сервеч. Працягвала работу толькі лінія Наваельня-Навагрудак-Любча. У Навагрудку з’явіўся цагляны будынак чыгуначнага вакзала, (які сёння належыць аўтавакзалу), былі пабудаваны станцыйныя будынкі ў Любчы і Зароі. З другой паловы 20-х гадоў у Навагрудку пачалі дзейнічаць і аўтобусныя маршруты, якія, у пэўнай ступені, стваралі канкурэнцыю чыгунцы бо аўтобусам можна было зручней і хутчэй даехаць і да Наваельні і праз Нягневічы да Любчы. Тым не менш, не забываліся і пра чыгунку. У 1931г. было прынята рашэнне пабудаваць чыгунку Белавеж-Навагрудак-Ашмяны. Для рэалізацыі праекта былі запланаваны значныя сродкі – 91 мільён злотых. Навагрудак атрымаў выдатны шанц мець “нармальную” шырокакалейную чыгунку. Але, як кажуць, не лёс. У гэты час працягваўся сусветны эканамічны крызіс — хутчэй за ўсё, гэта і стала асноўнай прычынай па якой названая чыгунка так і не была пабудавана. А вузкакалейка працягвала працаваць, перавозячы пасажыраў і грузы.
З лета 1941г., пасля акупацыі Навагрудчыны нямецкай арміяй, чыгунка ізноў “перайшла на ваенныя рэйкі” і выкарыстоўвалася, у асноўным, для перавозкі ваеннай тэхнікі і зброі. Працавала яна нерэгулярна, і адной з асноўных прычын гэтага былі дзеянні партызан, якія неаднаразова разбуралі на ёй масты, а таксама знішчалі тэлефонную сувязь, што ішла ўздоўж чыгуначнага палатна.
Пасля вызвалення Навагрудчыны вузкакалейную чыгунку было вырашана аднавіць. Так, 31 сакавіка 1947г. Навагрудскі гарадскі савет дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне адрамантаваць яе да 6 красавіка і пусціць па ёй матавоз для падвозу торфу. У выніку рамонту была пашырана чыгуначная каляіна з 50см., як было па польскіх стандартах, да 75см. з тым, каб на ёй маглі выкарыстоўвацца лакаматывы і вагоны савецкай вытворчасці. Вузкакалейка ўвайшла ў склад Беларускай чыгункі і мела ў дакументах назву “12 дыстанцыя Беларускай чыгункі”.
Актыўна запрацавала “Навагрудская” чыгунка з канца 1940-х гадоў, калі ў нашым раёне пачалася масавая калектывізацыя сялянскіх гаспадарак. У створаныя калгасы па ёй дастаўлялася тэхніка, угнаенні, вывозіўся вырашчаны ўраджай і г.д. Паслугамі чыгункі карыстаўся прамкамбінат, іншыя арганізацыі і ўстановы раёна. Да ст.Любча, як правіла два разы ў дзень, хадзілі невялікія пасажырскія саставы, звычайна з 2-х – 3-х вагонаў.
Прымаліся меры і па забяспячэнні тэхнікі бяспекі на чыгунцы, бо здараліся выпадкі наезду на гужавы транспарт і на калгасную жывёлу. Спецыяльным рашэннем Навагрудскага райвыканкама ад 20.09.1952г. было забаронена дапускаць жывёлу бліжэй чым 500м. да чыгуначнага палатна. Напэўна, гэтага было недастаткова, бо пазней сваім Рашэннем ад 5.02.1960г. Навагрудскі райвыканкам абавязаў калгасы зрабіць агароджанне ўздоўж чыгуначнай лініі. На той час чыгунка ішла па тэрыторыі 11 калгасаў з 26, якія былі ў раёне, і даўжыння агароджання павінна была скласці 31,3км. Зімою для барацьбы са снежнымі заносамі, калгасы павінны былі выдзяляць людзей і гужавы транспарт. Так, на зіму 1960-61г. рашэннем Навагрудскага райвыканкама для гэтых работ павінна было быць прыцягнута 590 чалавек і 80 падвод.
Нягледзечы на пэўныя цяжкасці з работай чыгункі, на Навагрудчыне адчувалі яе неабходнасць. Больш таго, 19 студзеня 1960г. бюро Навагрудскага райкама кампартыі і выканком Раённага савета дэпутатаў прынялі пастанову, у якой прасілі Гродзенскі абласны камітэт кампартыі і Гродзенскі абласны выканком хадайнічаць перад Саветам Міністраў БССР аб будаўніцтве ў 1961г. шырокай чыгуначнай дарогі ад станцыі Наваельня да станцыі Навагрудак. Аргументавалі сваё рашэнне тым, што “вузкая чыгуначная каляіна не забяспечвае аб’ём грузаперавозак, што паступаюць (з Навагрудка) да ст.Наваельня, які ў 1961г. складзе 275,5 тысяч тон”. Жыхары Навагрудчыны ў чарговы раз займелі шанц мець шырокакалейную чыгунку. Але, сапраўды, не лёс! Больш таго, у сярэдзіне 1960-х гадоў была ліквідавана і вузкакалейная дарога.
Так і закончылася гісторыя “Навагрудскай” чыгункі. Праіснавала яна 50 гадоў, была, і “пры Польшчы”, і “пры немцах”, і “пры Саветах”. Называлі яе і “калейка”, і “кукушка”. Сёння, як успамін аб ёй, у некаторых месцах раёна захаваліся яшчэ фрагменты былога чыгуначнага насыпу.
Была ў Навагрудку чыгунка…
М.П.Гайба, дырэктар Дома-музея А.Міцкевіча