У нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубраня” прайшоў XVIII рэспубліканскі злёт юных выратавальнікаў-пажарных. Праграма мерапрыемства прадугледжвала правядзенне спаборніцтваў і конкурсаў – спартыўных, інтэлектуальных і творчых. Юнакі і дзяўчаты з усіх куткоў нашай краіны змагаліся за званне лепшых. Каманда юных выратавальнікаў-пажарных “Полымя” з Гродзенскай вобласці заняла трэцяе месца.
На рэспубліканскім злёце Гродзенскую вобласць прадстаўлялі і нашы зямлячкі вучаніцы СШ №5 Марыя Кастэнка і Яна Сянькевіч. Дзяўчынкі падзяліліся сваімі ўражаннямі.
– Усё пачалося пасля нашага ўдзелу ў абласным конкурсе АБЖ “Школа бяспекі-2015”. Мы паказалі добрыя вынікі, таму і вырашылі прыняць удзел у рэспубліканскім злёце. У чэрвені і ліпені актыўна рыхтаваліся на базе школы і Навагрудскага РАНС. Дапамагалі нашы настаўнікі Н.У. Буцкевіч і Л.М. Юрчык, старшы інжынер РАНС А.А. Шоўк. Вывучалі паглыблена асновы бяспекі жыццядзейнасці, медыцынскую падрыхтоўку, хадзілі страявой. У жніўні рыхтаваліся да спаборніцтваў у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Зорка” ў г. Гродна. Тут з 50-ці прэтэндэнтаў было адабрана толькі 29 чалавек, – расказвае Яна Сянькевіч.
– Сам злёт падарыў нам буру эмоцый, радасці, весялосці, – дзеліцца сваім ўражаннямі Марыя Кастэнка. – Мы змаглі дасягнуць высокіх вынікаў, сталі прызёрамі. Аднак галоўнае – мы сталі камандай, жылі адной вялікай і дружнай сям’ёй. Вельмі цікава і пазнавальна было паўдзельнічаць у такіх конкурсах: “Выратаванне на вадзе”, Пажарна-выратавальны спорт”, “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, “Асновы медыцынскай дапамогі, “КВЗ” і інш. Веды, якія атрымалі падчас падрыхтоўкі да конкурсаў не будуць ніколі лішнімі. Яны дапамогуць нам у жыцці. Пасля заканчэння школы мы з Янай хочам паступаць у Гомельскі інжынерны інстытут ці камандна-інжынерны інстытут МНС РБ. Хочам выказаць словы падзякі усім нашым кіраўнікам, якія не проста рыхтавалі, яны ўкладалі ў нас часцінку сваёй душы. Толькі дзякуючы ім мы змаглі дасягнуць добрых вынікаў. Дзякуючы ўдзелу ў злёце мы пазнаёміліся з новымі сябрамі, многія проста не хацелі ехаць дадому.
– Рэспубліканскі злёт – гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў дзейнасці па рабоце з моладдзю за год у сферы папярэджання пажараў і надзвычайных сітуацый, – расказвае старшы інжынер РАНС А.А. Шоўк. – Падчас яго правядзення арганізатары і ўдзельнікі абменьваюцца вопытам і новымі формамі работы. Юнакі і дзяўчаты трэніруюцца ў навыках правільных дзеянняў у надзвычайных сітуацыях і аказання першай медыцынскай дапамогі. Падлеткі вучацца псіхалагічнай устойлівасці ў экстрэмальных сітуацыях, цярпенню, вытрымцы, смеласці і рашучасці. І самае галоўнае – ўвага грамадскасці прыцягваецца да праблем прафілактыкі пажараў і надзвычайных сітуацый сярод дзяцей і моладзі.
В. ПІСАР, “НЖ”.
Получайте первыми новости сайта "Твой Новогрудок. RU" на свой Email